ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,

участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.І.Каратаевым, Э.Э.Фатыядзі і А.Л.Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр. ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.

Г.І.Каратаеў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)